Гениюш Лариса - Наш Сцяг (На Белорусском Языке)
ЛАРЫСА ГЕНIЮШ
НАШ СЦЯГ
Не слава Краю, ўздым магутны,
нат не шумелi мне сцягi...
Заместа iх звiнелi путы
i цёмнай ноччу ланцугi.
Заместа водгулля Пагонi
яшчэ сягоння, як крумкач,
у набалелым сэрцы звоне
жанчыны беларускай плач.
Дзявочы твар, бляды ад жалю,
дзяцей спалоханы пагляд
i кроў братоў, што бунтавалi, -
я толькi гэткi знаю сцяг!..
За жар душы, што набалела,
за сэрца зораны агонь
я, Божа, чуць хоць раз хацела б
шум сцягу вольнага свайго.
Калi Крывiцкая Зямлiца
мне сэрца гордае саўе,
а польны вецер расшумiцца,
на развiтанне запяе, -
няхай разгорне свае крыллi,
як стораж вечнага жыцця,
хай зашумiць хоць на магiле
мне бел-чырвона-белы сцяг.
1942